Священное Писание

Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 6

Оглавление
1  2  3  4  5  6 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 6
6:1Дзеці, слухайцеся ў Госпадзе бацькоў вашых, бо гэта праведна.
6:2«Шануй бацьку твайго і маці» — гэта першая запаведзь з абяцаннем:
6:3«каб добра табе было і ты доўга жыў на зямлі».
6:4І вы, бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, а выхоўвайце іх у вучэнні і настаўле́нні Гасподнім.
6:5Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх па плоці са стра́хам і трымце́ннем, у прастаце́ сэрца вашага, як Хрыста,
6:6слу́жачы не напака́з, як чалавекаўго́днікі, а як рабы́ Хрыста, выко́нваючы волю Божую ад душы,
6:7шчыра слу́жачы, як Госпаду, а не як лю́дзям,
6:8ведаючы, што кожны, ці то раб, ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, тое ж атрымае ад Госпада.
6:9І вы, гаспадары, рабіце ім тое самае, стрымлівайце суровасць, ведаючы, што і над вамі самімі, і над імі ёсць на нябёсах Гасподзь, Які не зважа́е на асобы.
6:10Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў магутнасці сілы Яго;
6:11апранíцеся ва ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьстая́ць кава́рству дыявала;
6:12бо змаганне наша не супраць крыві і плоці, а супраць начальстваў, супраць улад, супраць сусветных уладароў цемры веку гэтага, супраць злых духаў паднябесных.
6:13Дзеля гэтага вазьміце ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьста́ць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
6:14Так што станьце, падпераза́ўшы сябе ісцінай і апрануўшы браню праведнасці,
6:15і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабраве́сціць мір;
6:16а перш за ўсё вазьміце шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе распа́леныя стрэлы злога;
6:17і шлем спасення вазьміце, і меч духоўны, які ёсць слова Божае;
6:18усякаю малітваю і прашэннем маліцеся ва ўсякую пару́ духам і пра гэта дбайце з усёй цярплівасцю і прашэннем за ўсіх святых
6:19і за мяне, каб мне да́дзена было́ слова — вуснамі маімі з адвагаю не́сці тайну дабраве́сця,
6:20паслом якога я з'яўляюся ў аковах, каб я адважна прапаведаваў, як мне і належыць.
6:21А каб і вы ведалі, што́ са мною і што́ я раблю, усё паведаміць вам Ціхік, узлю́блены брат і верны ў Госпадзе служыцель,
6:22якога я і паслаў да вас дзеля таго, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суце́шыў сэ́рцы вашы.
6:23Мір братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста.
6:24Благадаць з усімі, хто любіць Госпада нашага Іісуса Хрыста непарушна. Амінь.