Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 24

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 24
24:1А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, несучы падрыхтаваныя духмянасці, яны прыйшлі да магілы, і іншыя з імі;
24:2але знайшлі, што камень адвалены ад магілы,
24:3і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Іісуса.
24:4І сталася: калі яны былі ў недаўменні ад гэтага, вось з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні.
24:5Калі ж яны спалохаліся і схілілі твары да зямлі, тыя сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
24:6Яго няма тут, Ён уваскрэс; успомніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
24:7кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзей грэшных, і быць распяты, і на трэці дзень ўваскрэснуць.
24:8І ўспомнілі яны словы Яго,
24:9і, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім іншым.
24:10Былі ж гэта Магдаліна Марыя, і Іаанна, і Марыя, маці Іакава, і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
24:11І здаліся ім пустымі словы гэтыя, і не паверылі ім.
24:12Але Петр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў, што толькі палотны ляжаць; і пайшоў назад, здзіўляючыся ў сабе таму, што адбылося.
24:13І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў паселішча, якое знаходзілася стадыях у шасцідзесяці ад Іерусаліма і называлася Эмаус;
24:14і яны размаўлялі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.
24:15І сталася: калі яны размаўлялі і разважалі, Сам Іісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі,
24:16але вочы іх былі стрыманы, так што яны не пазналі Яго.
24:17Ён жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце між сабою і чаму такія засмучаныя?
24:18У адказ адзін, імя якога Клеопа, сказаў Яму: Ты адзіны з падарожных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбылося ў ім у гэтыя дні?
24:19І сказаў ім: пра што? Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбылося з Іісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам,
24:20і як выдалі Яго першасвятары і начальнікі нашы для асуджэння на смерць і распялі Яго;
24:21а мы спадзяваліся, што Ён Той, Хто павінен выбавіць Ізраіля, але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта сталася;
24:22але і некаторыя жанчыны з нашых уразілі нас: пабываўшы рана каля магілы
24:23і не знайшоўшы цела Яго, яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўленне Ангелаў, якія кажуць, што Ён жывы;
24:24і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі.
24:25І Ён сказаў ім: о неразважлівыя і марудлівыя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!
24:26ці не так належала адпакутаваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?
24:27І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў, тлумачыў ім ва ўсім Пісанні тое, што сказана пра Яго.
24:28І наблізіліся яны да паселішча, у якое ішлі; і Ён рабіў выгляд, што пойдзе далей;
24:29а яны затрымлівалі Яго, кажучы: застанься з намі, бо вечарэе і дзень на зыходзе. І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
24:30І сталася: калі Ён узляжаў з імі, то, узяўшы хлеб, благаславіў і, пераламіўшы, даваў ім.
24:31І адкрыліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго, ды Ён стаў нябачны для іх.
24:32І сказалі яны адзін аднаму: хіба не гарэла наша сэрца ў нас, калі гаварыў Ён з намі па дарозе і калі тлумачыў нам Пісанне?
24:33І, устаўшы ў той жа час, яны вярнуліся ў Іерусалім і знайшлі сабраных разам адзінаццаць і тых, што былі з імі,
24:34якія гаварылі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і явіўся Сіману.
24:35А яны расказвалі, што было ў дарозе і як яны пазналі Яго пры пераламленні хлеба.
24:36Калі ж яны гаварылі пра гэта, Сам Іісус стаў пасярод іх і сказаў: мір вам.
24:37Яны ж, сумеўшыся і спалохаўшыся, думалі, што бачаць духа;
24:38а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэжаныя і чаму сумненні ўваходзяць у сэрцы вашы?
24:39паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае: гэта Я Сам; дакраніцеся да Мяне і паглядзіце: дух не мае плоці і касцей, што, як бачыце, Я маю.
24:40І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
24:41Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўляліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
24:42Яны ж падалі Яму кавалак печанай рыбы і мёду ў сотах.
24:43І, узяўшы, Ён перад імі з’еў
24:44і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што павінна здзейсніцца ўсё, напісанае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалмах пра Мяне.
24:45Тады Ён адкрыў ім розум для разумення Пісанняў
24:46і сказаў ім: так напісана і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень,
24:47і каб было прапаведана ў імя Яго пакаянне і адпушчэнне грахоў ва ўсіх народах, пачынаючы з Іерусаліма;
24:48вы ж сведкі гэтага;
24:49і вось Я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; а вы заставайцеся ў горадзе Іерусаліме, пакуль не апранецеся сілаю з вышыні.
24:50І Ён вывеў іх да Віфаніі і, узняўшы рукі Свае, благаславіў іх.
24:51І сталася: калі Ён благаслаўляў іх, то пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
24:52І яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю,
24:53і былі заўсёды ў храме, хвалячы і благаслаўляючы Бога. Амінь.