Язык:
Беларускi
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
| |
Раздзел 6 | |
6:1 | І давялося Яму ў суботу, першую па другім дні Пасхі, праходзіць пасевамі, і вучні Яго зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі. |
6:2 | Некаторыя ж з фарысеяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што не дазволена рабіць па суботах? |
6:3 | І сказаў ім Іісус у адказ: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім? |
6:4 | як увайшоў ён у дом Божы і ўзяў хлябы выстаўлення, якіх не дазволена было есці нікому, а толькі адным святарам, і еў, і даў тым, што з ім былі. |
6:5 | І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы. |
6:6 | Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучыць; і быў там чалавек, і правая рука ў яго была сухая. |
6:7 | Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці не ацаліць Ён у суботу, каб знайсці абвінавачанне супраць Яго. |
6:8 | Але Ён ведаў помыслы іх і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: падыміся і стань пасярэдзіне. І той, падняўшыся, стаў. |
6:9 | Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас: што дазволена рабіць па суботах — дабро рабіць ці зло рабіць? душу ўратаваць ці загубіць? Яны ж маўчалі. |
6:10 | І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў яму: працягні руку тваю. І ён зрабіў так, і стала рука яго здаровай, як другая. |
6:11 | Яны ж перапоўніліся шаленствам і гаварылі між сабою, што ім рабіць з Іісусам. |
6:12 | І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога. |
6:13 | А калі настаў дзень, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: |
6:14 | Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Іакава і Іаана, Філіпа і Варфаламея, |
6:15 | Матфея і Фаму, Іакава Алфеевага і Сімана, называнага Зілотам, |
6:16 | Іуду Іакавага і Іуду Іскарыёта, які і стаў прадажнікам. |
6:17 См.: 🔗Мф. 4:25 | І, спусціўшыся з імі, стаў Ён на роўным месцы і многа вучняў Яго і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма, і ўзбярэжжа Тырскага і Сідонскага, |
6:18 | што прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хвароб сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад духаў нячыстых; і ацаляліся. |
6:19 См.: 🔗Мк. 5:30 | І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, бо сіла ад Яго сыходзіла і ацаляла ўсіх. |
6:20 См.: 🔗Мф. 5:3 | І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: блажэнныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае. |
6:21 | Блажэнныя галодныя цяпер, бо насыціцеся. Блажэнныя, хто плача цяпер, бо засмеяцеся. |
6:22 См.: 🔗Мф. 5:11 | Блажэнныя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і зганьбяць, і выкінуць імя ваша як зло, за Сына Чалавечага. |
6:23 | Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесяліцеся, бо вось узнагарода ваша вялікая на небе. Таму што гэтак рабілі прарокам бацькі іх. |
6:24 | Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце ўцеху вашу. |
6:25 См.: 🔗Прит. 14:13 🔗Ис. 65:13 | Гора вам, перасычаныя цяпер, бо голад зазнаеце. Гора вам, хто смяецца цяпер, бо засмуткуеце і заплачаце. |
6:26 См.: 🔗Ис. 30:10 🔗Iн. 7:7 | Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі. Бо так рабілі лжэпрарокам бацькі іх. |
6:27 | А вам, хто слухае, кажу: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас, |
6:28 | благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас, і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас. |
6:29 | Таму, хто б’е цябе па шчацэ, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджай узяць і сарочку. |
6:30 | Кожнаму, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад. |
6:31 См.: 🔗Тов. 4:15 🔗Мф. 7:12 | І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце. |
6:32 | А калі вы любіце тых, што любяць вас, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць. |
6:33 | І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі тое самае робяць. |
6:34 | І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць назад, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад столькі ж. |
6:35 См.: 🔗Втор. 15:8 🔗Мф. 5:45 | Але вы любіце ворагаў вашых, і дабро рабіце, і пазычайце, ні на што не спадзеючыся; і будзе ўзнагарода ваша вялікай, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і злых. |
6:36 См.: 🔗Мф. 5:48 | Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны. |
6:37 | Не судзіце, і вас не будуць судзіць; і не асуджайце, і не будзеце асуджаны; прабачайце і вам прабачаць; |
6:38 | давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, шчыльна накладзеную, утрэсеную, перапоўненую дадуць вам у прыпол; бо якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца. |
6:39 См.: 🔗Ис. 42:19 🔗Мф. 15:14 | Сказаў ім таксама прытчу: хіба можа сляпы сляпога вадзіць? ці не абодва ў яму ўпадуць? |
6:40 | Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, але, удасканаліўшыся, кожны будзе, як настаўнік яго. |
6:41 См.: 🔗Мф. 7:3 | Што ж ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? |
6:42 См.: 🔗Прит. 18:18 | Альбо, як можаш казаць брату твайму: браце, дай, я выму парушынку з вока твайго, — калі сам бервяна ў воку тваім не бачыш. Крывадушнік, вымі перш бервяно з твайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго. |
6:43 См.: 🔗Мф. 7:18 🔗Мф. 12:33 | Бо няма добрага дрэва, якое б радзіла кепскі плод, няма і кепскага дрэва, якое б радзіла добры плод. |
6:44 См.: 🔗Мф. 7:16 | Бо ўсякае дрэва па сваім плодзе пазнаецца: бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў і з цярноўніку не здымаюць вінаграду. |
6:45 См.: 🔗Мф. 12:34 | Добры чалавек з добрай скарбніцы сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны яго. |
6:46 | Што ж клічаце Мяне: «Госпадзі, Госпадзі!», а не робіце таго, што Я кажу? |
6:47 | Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, пакажу вам, да каго падобны. |
6:48 См.: 🔗Мф. 7:24 | Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, капаў і паглыбіўся і заклаў падмурак на камені; калі ж здарылася разводдзе, нахлынула рака на дом той і не змагла пахіснуць яго, бо ён быў закладзены на камені. |
6:49 | А хто пачуў і не выканаў, той падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка; калі ж нахлынула на яго рака, адразу ён абваліўся і было разбурэнне дома таго вялікае. |