Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 28

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 28
28:1Як прайшла субота, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.
28:2І вось, зрабіўся вялікі землятрус: бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім;
28:3выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбранне яго белае, як снег.
28:4І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.
28:5Ангел жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Іісуса ўкрыжаванага;
28:6няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзіце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь;
28:7ды ідзіце хутка, скажыце вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых і сустракае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам.
28:8І пайшоўшы спешна ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі ўзвясціць вучням Яго;
28:9калі ж ішлі яны ўзвясціць вучням Ягоным, і вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Яго і пакланяліся Яму.
28:10Тады кажа ім Іісус: не бойцеся; ідзіце, узвясціце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць Мяне.
28:11А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасвятарам усё, што адбылося.
28:12І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам,
28:13кажучы: скажыце, што вучні Яго, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі;
28:14і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесніка, мы пераканаем яго і вас ад непрыемнасці выбавім.
28:15Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэгае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня.
28:16Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Іісус;
28:17і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
28:18І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
28:19дык ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа,
28:20вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку. Амінь.