Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 6

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 6
6:1І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў бацькаўшчыну Сваю, і за Ім ішлі вучні Яго.
6:2І калі настала субота, пачаў Ён вучыць у сінагозе, і многія слухачы дзівіліся, кажучы: адкуль у Яго гэта? і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды творацца рукамі Яго?
6:3Ці не цясляр гэта, сын Марыі і брат Іакава, Іасіі, Іуды і Сімана? І ці не сёстры Яго тут сярод нас? І спакушаліся аб Ім.
6:4Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім.
6:5І не мог там ніякага цуду стварыць, толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх рукі, ацаліў.
6:6І дзівіўся нявер’ю іх. І хадзіў па навакольных селішчах, навучаючы.
6:7І паклікаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
6:8І наказаў ім нічога не браць у дарогу, акрамя аднаго посаха: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе;
6:9але абувацца ў сандалі і не насіць дзвюх вопратак.
6:10І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль не пойдзеце адтуль;
6:11і калі хто не прыме вас і не паслухаецца вас, то выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых у сведчанне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень судны, чым гораду таму.
6:12І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
6:13і дэманаў многіх выганялі, і памазвалі алеем многіх хворых, і ацалялі.
6:14І дачуўся пра Іісуса цар Ірад, бо вядомым стала імя Яго, і казаў: гэта Іаан Хрысціцель з мёртвых паўстаў, і таму цуды дзеюцца ім.
6:15Іншыя казалі: гэта Ілія, а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.
6:16А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Іаан, якому я адсек галаву, ён паўстаў з мёртвых.
6:17Бо сам Ірад паслаў схапіць Іаана і звязаў яго ў цямніцы з – за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, таму што ажаніўся з ёю.
6:18Бо Іаан казаў Іраду: не належыць табе мець жонку брата твайго.
6:19А Ірадыяда, гневаючыся на яго, жадала яго забіць, ды не магла.
6:20Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы яго як чалавека праведнага і святога, і аберагаў яго, і шмат рабіў, слухаючыся яго, і з ахвотаю яго слухаў.
6:21І настаў зручны дзень, калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння ладзіў пір вяльможам сваім, тысячаначальнікам і старэйшынам Галілейскім,
6:22і ўвайшла дачка Ірадыяды, і танцавала, і дагадзіла Іраду і тым, што ўзляжалі з ім. Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.
6:23І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, хоць і паўцарства майго.
6:24Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іаана Хрысціцеля.
6:25І яна адразу, паспешліва ўвайшоўшы да цара, прасіла, кажучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне на блюдзе галаву Іаана Хрысціцеля.
6:26І засмуціўся цар, але дзеля клятвы і тых, што ўзляжалі з ім, не захацеў адмовіць ёй.
6:27І адразу, паслаўшы целаахоўніка, цар загадаў прынесці галаву яго.
6:28Той, пайшоўшы, адсек яму галаву ў цямніцы і прынёс на блюдзе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
6:29І, дачуўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялі цела яго, і паклалі яго ў магілу.
6:30І сабраліся апосталы да Іісуса і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.
6:31І сказаў ім: пайдзіце вы самі, асобна, у пустэльнае месца і адпачніце крыху. Бо многія прыходзілі і адыходзілі, так што і паесці ім не было калі.
6:32І адправіліся яны ў пустэльнае месца на лодцы асобна.
6:33І ўбачыў народ, як яны адплывалі, і пазналі іх многія, і пехатою з усіх гарадоў спяшаліся туды, і апярэдзілі іх, і сышліся да Яго.
6:34І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучыць многа.
6:35І калі быў ужо час позні, вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі: месца тут пустэльнае, і ўжо час позні,
6:36адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды селішчы і купілі сабе хлеба, бо не маюць чаго есці.
6:37Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці. І кажуць Яму: ці не пайсці нам купіць хлябоў дынарыяў на дзвесце і даць ім есці?
6:38Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў маеце? Ідзіце і паглядзіце. І даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябоў і дзве рыбіны.
6:39І загадаў ім рассадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
6:40І ўзляглі ў рады па сто і па пяцьдзесят.
6:41І, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламіў хлябы, і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
6:42І елі ўсе і насыціліся.
6:43І назбіралі кавалкаў хлеба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы.
6:44А было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
6:45І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей.
6:46І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
6:47І як настаў вечар, лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
6:48І ўбачыў іх, знясіленых веславаннем, бо вецер дзьмуў насупраць ім; і каля чацвёртай варты ночы наблізіўся да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.
6:49Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
6:50Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся. І адразу загаварыў з імі і сказаў ім: мацуйцеся, гэта Я, не бойцеся.
6:51І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер суняўся. І яны надзвычай былі ўзрушаныя ў сабе і здзіўляліся.
6:52Бо не ўразумелі таго, што адбылося з хлябамі, бо сэрца ў іх было скамянелае.
6:53І, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую, і прысталі да берага.
6:54І калі выйшлі яны з лодкі, адразу людзі пазналі Яго ,
6:55і, аббегшы ўсё наваколле тое, і пачалі на пасцелях прыносіць хворых туды, дзе, па чутках, быў Ён.
6:56І куды б ні прыходзіў Ён, у паселішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі, на людных месцах клалі хворых і прасілі Яго, каб хоць да краю адзення Яго дакрануцца; і тыя, што дакраналіся да Яго, уратоўваліся.