Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 27

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 27
27:1Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасвятары і старэйшыны народу супраць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць:
27:2і звязаўшы Яго, завялі і перадалі Яго Понцію Пілату, намесніку.
27:3Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,
27:4кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
27:5І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
27:6Першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
27:7І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахавання чужынцаў;
27:8таму і называецца поле тое «полем крыві» па сённяшні дзень;
27:9тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: «і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевы,
27:10і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь».
27:11Іісус жа стаў перад намеснікам. І запытаў у Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.
27:12І калі вінавацілі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
27:13Тады кажа Яму Пілат: ці не чуеш, колькі сведчаць супроць Цябе?
27:14І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі здзіўляўся.
27:15А на свята намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога б хацелі.
27:16Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
27:17І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам: Вараву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?
27:18Бо ведаў, што з зайдрасці выдалі Яго.
27:19Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка яго паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат адцярпела за Яго.
27:20Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Іісуса загубіць.
27:21Тады намеснік сказаў ім у адказ: каго хочаце з двух, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вараву.
27:22Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распяты!
27:23Намеснік жа сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распяты!
27:24Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзіце самі.
27:25І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
27:26Тады адпусціў ім Вараву, а Іісуса, біўшы, аддаў на распяцце.
27:27Тады воіны намеснікавы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,
27:28і раздзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу;
27:29і, сплёўшы вянец з цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, стаўшы на калені перад Ім, кпілі з Яго, кажучы: радуйся, Цару Іудзейскі?
27:30і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
27:31І калі накпіліся з Яго, знялі з Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на распяцце.
27:32Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сіман: яго і прымусілі несці крыж Яго.
27:33І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чэрапа»,
27:34далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
27:35Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі адзежу Яго, кідаючы жэрабя;
27:36і, седзячы, вартавалі Яго там;
27:37і змясцілі над галавою Яго надпіс з віною Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.
27:38Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
27:39А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі
27:40і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа.
27:41Падобна і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:
27:42іншых ратаваў, а Самога Сябе не можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, няхай цяпер сыдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;
27:43спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
27:44Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, ганьбілі Яго.
27:45Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай;
27:46а каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! лема савахфані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
27:47Некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію кліча Ён.
27:48І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
27:49а другія казалі: чакай; пабачым, ці прыйдзе Ілія ўратаваць Яго.
27:50Іісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, спусціў дух.
27:51І вось, завеса храма разадралася напалам, зверху данізу; і зямля здрыганулася; і каменне раскалолася;
27:52і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
27:53і выйшаўшы з магіл пасля ўваскрэсення Яго, ўвайшлі ў святы горад і явіліся многім.
27:54Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.
27:55Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі следам за Іісусам з Галілеі, служачы Яму;
27:56сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Іакава і Іасіі, і маці сыноў Зевядзеевых.
27:57Калі ж звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф, які таксама вучыўся ў Іісуса;
27:58ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
27:59І ўзяўшы цела, Іосіф абгарнуў яго чыстаю плашчаніцаю
27:60і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзвярэй магілы, адышоў.
27:61Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
27:62На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата
27:63і казалі: пане! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»;
27:64дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, не ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс з мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
27:65А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.
27:66Яны пайшлі і сталі ахоўваць магілу, прыклаўшы да ка́меня пячаць і паставіўшы ва́рту.