Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 4

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 4
4:1Тады Іісус быў узведзены Духам у пустыню, на спакушэнне ад дыявала.
4:2І, пасціўшы сорак дзён і сорак начэй, урэшце адчуў голад.
4:3І прыступіў да Яго спакуснік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
4:4А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».
4:5Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле храма,
4:6і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: « Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
4:7Сказаў яму Іісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго».
4:8Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,
4:9і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.
4:10Тады кажа яму Іісус: адыдзі ад Мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы».
4:11Тады пакідае Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступілі і слугавалі Яму.
4:12Іісус, пачуўшы, што Іаан аддадзены варце, адышоў у Галілею,
4:13і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нефалімавых,
4:14каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
4:15«Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на дарозе прыморскай за Іарданам, Галілея язычніцкая,
4:16народ, што сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні смерці, заззяла святло».
4:17З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
4:18А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сімана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора; бо яны былі рыбакі.
4:19І кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
4:20І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.
4:21Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата ягонага, у лодцы з Зевядзеем, бацькам іх, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.
4:22І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
4:23І хадзіў Іісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
4:24І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.
4:25І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігароддзя, і з Іерусаліма, і з Іудзеі, і з – за Іардана.