Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 6

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 6
6:1Глядзіце, не выстаўляйце праведнасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.
6:2Дык вось, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.
6:3У цябе ж, калі даеш міласціну, няхай не велае левая рука твая, што робіць правая,
6:4каб міласціна твая была ў тайнасці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
6:5І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
6:6Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасці; і Айцен твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
6:7А молячыся, не гаварыце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;
6:8дык не будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце.
6:9Дык вось, маліцеся так: Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё;
6:10Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі;
6:11хлеб наш надзённы дай нам сёння;
6:12і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым;
6:13і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад ліхога; бо Тваё ёсць Царства і сіла і слава навекі. Амінь.
6:14Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;
6:15а як не будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
6:16І калі посціце, не будзьце панурыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям поснікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
6:17А ты, калі посціш, намасці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
6:18каб явіцца поснікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
6:19Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе зладзеі падкопваюцца і крадуць:
6:20а збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць;
6:21бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.
6:22Свяцільнік целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё светлае будзе;
6:23калі ж вока тваё будзе ліхое, то ўсё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі святло, якое ў табе, — цемра, дык якая ж цемра?
6:24Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
6:25Таму кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, і цела — за вопратку?
6:26Зірніце на птушак нябесных: яны не сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у жытніцы; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?
6:27Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
6:28І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;
6:29але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх;
6:30калі ж траву палявую, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы!
6:31Дык вось, не турбуйцеся і не кажыце: «што нам есці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?».
6:32Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
6:33Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам.
6:34Дык вось, не турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.