Священное Писание

Да Калосян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 3

Оглавление
1  2  3  4 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Дык вось, калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, то шукайце вы́шняга, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
3:2пра вы́шняе думайце, а не пра зямное.
3:3Бо вы памерлі, і жыццё ваша схавана з Хрыстом у Богу;
3:4калі я́віцца Хрыстос, жыццё ваша, тады і вы будзеце я́ўлены з Ім у славе.
3:5Дык умярцвіце зямныя члены вашы: блуд, нечыстату, страсць, ліхую пажадлівасць і хцівасць, якая з’яўля́ецца ідаласлужэ́ннем, —
3:6за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўле́ння;
3:7гэта і вы не́калі рабілі, калі жылí сярод іх.
3:8Цяпер жа вы адкíньце ўсё: гнеў, ярасць, злосць, блюзнерства, брыдкаслоўе вуснаў вашых;
3:9не лжы́це адно аднаму, бо вы знялí з сябе старога чалавека з учы́нкамі яго
3:10і апрану́ліся ў новага, які абнаўляецца дзеля пазнання паводле вобраза Стваральніка яго,
3:11дзе няма ні Эліна, ні Іудзея, ні абрэ́зання, ні неабрэ́зання, ні ва́рвара, ні Скіфа, ні раба, ні свабоднага, а ўсё і ва ўсім — Хрыстос.
3:12Дык апранíцеся як абра́ннікі Божыя, святы́я і ўзлю́бленыя, у сардэчную спага́длівасць, добрасць, пакорнаму́драсць, лагоднасць, доўгацярплíвасць,
3:13ста́вячыся цярпліва адно да аднаго і прабача́ючы ўзаемна, калі хто на каго ма́е кры́ўду: як Хрыстос праба́чыў вам, так і вы.
3:14А па – над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая з’яўляецца суку́пнасцю даскана́ласці;
3:15і няхай валада́рыць у сэ́рцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце ўдзячнымі.
3:16Слова Хрыстова няхай жыве ў вас ва ўсім яго багацці, з усякаю мудрасцю; навучайце і настаўляйце на розум адно аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Госпаду.
3:17І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Госпада Іісуса Хрыста, дзя́куючы Богу і Айцу праз Яго.
3:18Жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужам, як нале́жыць у Госпадзе.
3:19Мужы́, любíце жонак вашых і не будзьце жорсткімі да іх.
3:20Дзеці, слухайцеся бацькоў ва ўсім, бо гэта ўгодна Госпаду.
3:21Бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, каб яны не па́далі духам.
3:22Рабы, ва ўсім слу́хайцеся гаспадароў вашых па плоці, не напаказ слу́жачы, як чалавекаўго́днікі, а ў шчы́расці сэ́рца, баючы́ся Бога.
3:23І ўсё, што б ні рабілі вы, рабіце ад душы́, як для Госпада, а не як для людзей,
3:24ведаючы, што ад Госпада ва ўзнагароду атрыма́еце спадчыну, бо вы слу́жыце Госпаду Хрысту.
3:25А хто няпра́веднае чы́ніць, той атрыма́е паводле сваёй няпра́веднасці, без зважа́ння на асобу.