Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 16

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 16
16:1Гэта сказаў Я вам, каб вы не спакусіліся;
16:2адлучаць вас ад сінагог; Надыходзіць нават час, калi кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, што ён служыць Богу;
16:3і так будуць рабiць, бо не спазналi нi Айца, нi Мяне.
16:4Але гэта сказаў Я вам, каб вы, калi прыйдзе час, згадалі тое, што Я гаварыў вам; спачатку ж гэтага Я вам не гаварыў, бо з вамi быў;
16:5а цяпер іду да Таго, Хто паслаў Мяне, i нiхто з вас не пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?
16:6Але ад таго, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўнiў сэрцы вашы.
16:7Але Я ісціну кажу вам: лепш для вас, каб Я пайшоў; бо, калi Я не пайду, Уцяшыцель не прыйдзе да вас; калi ж пайду, то пашлю Яго да вас,
16:8і, прыйшоўшы, Ён пакажа свету, у чым грэх, і праўда, i суд:
16:9грэх жа ў тым, што не веруюць у Мяне;
16:10а праўда ў тым, што Я іду да Айца Майго, i ўжо не ўбачыце Мяне;
16:11а суд у тым, што князь свету гэтага асуджаны.
16:12Яшчэ многае маю сказаць вам, але вы не здолееце ўспрыняць цяпер;
16:13калi ж прыйдзе Ён, Дух ісціны, то наставіць вас на ўсю ісціну, бо Ён не ад Сябе гаварыць будзе, а тое, што пачуе, будзе гаварыць, i будучыню абвесцiць вам;
16:14Ён Мяне праславiць, бо з Майго возьме i абвесцiць вам;
16:15Усё, што мае Айцец, — Маё; таму Я сказаў, што з Майго возьме i абвесцiць вам;
16:16яшчэ трохі, і не ўбачыце Мяне; i зноў трохі, і ўбачыце Мяне, бо Я іду да Айца.
16:17Гаварылі ж некаторыя з вучняў Яго мiж сабою: што гэта Ён кажа нам: «яшчэ трохі, і не ўбачыце Мяне; i зноў трохі, і ўбачыце Мяне» і «Я іду да Айца»?
16:18I гаварылi: што гэта значыць, што Ён кажа: «яшчэ трохі»? не ведаем, што Ён гаворыць.
16:19Ведаў Іісус, што хочуць спытацца ў Яго, i сказаў iм: вы пра тое пытаецеся адзiн у аднаго, што Я сказаў: «яшчэ трохі, і не ўбачыце Мяне, i зноў трохі, і ўбачыце Мяне»?
16:20праўду, праўду кажу вам, што будзеце плакаць i галасіць вы, а свет будзе радавацца; вы смуткаваць будзеце, але смутак ваш у радасць абернецца;
16:21жанчына, калi нараджае, гаруе, бо прыйшла гадзiна яе, а калi народзiць дзiця, то ўжо не памятае гора ад радасцi, бо нарадзiўся чалавек на свет;
16:22так i вы смутак цяпер маеце, але Я зноў убачу вас, i ўзрадуецца сэрца ваша, i радасцi вашай нiхто не адыме ў вас;
16:23і ў той дзень не будзеце пытацца ў Мяне нi пра што; Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросiце Айца ў iмя Маё, Ён дасць вам;
16:24дагэтуль вы не прасiлi нiчога ў iмя Маё; прасiце i атрымаеце, каб радасць ваша была поўная;
16:25гэта ў прытчах Я гаварыў вам; але надыходзiць час, калi ўжо не ў прытчах буду гаварыць, а адкрыта пра Айца абвяшчу вам;
16:26у той дзень у iмя Маё будзеце прасiць, i не кажу вам, што Я буду маліць Айца за вас,
16:27бо Сам Айцец любiць вас, таму што вы Мяне ўзлюбiлi i ўверавалi, што Я ад Бога выйшаў;
16:28Я выйшаў ад Айца i прыйшоў у свет; i зноў пакiдаю свет і іду да Айца.
16:29Кажуць Яму вучнi Яго: вось цяпер Ты адкрыта гаворыш і прытчы ніякай не расказваеш;
16:30цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё i не маеш патрэбы, каб хто ў Цябе пытаўся; таму веруем, што Ты ад Бога выйшаў.
16:31Адказаў iм Іісус: цяпер веруеце?
16:32вось надыходзiць час, і ўжо настаў, калi вы рассеецеся кожны ў свой бок i Мяне пакiнеце аднаго; але Я не адзiн, бо Айцец са Мною;
16:33гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мiр мелi; у свеце гора зазнаеце, але мужайцеся: Я перамог свет.