Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 1

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
1:2Яно было ў пачатку ў Бога;
1:3усё праз Яго пачало быць, і без Яго нішто не пачало быць, што пачало быць.
1:4У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзей;
1:5і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
1:6Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Іаан;
1:7ён прыйшоў для сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго.
1:8Ён не быў святлом, але прыйшоў, каб сведчыць пра Святло;
1:9было Святло ісціннае, Якое прасвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у свет;
1:10у свеце быў, і свет праз Яго пачаў быць, і свет Яго не пазнаў;
1:11да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялі.
1:12А тым, што прынялі Яго, даў уладу стаць дзецьмі Божымі, тым, што веруюць у імя Яго,
1:13якія не ад крыві, і не ад жадання плоці, і не ад жадання мужа, а ад Бога нарадзіліся.
1:14І Слова стала плоццю, і жыло сярод нас, і мы бачылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благадаці і ісціны.
1:15Іаан сведчыць пра Яго і, ўсклікаючы, гаворыць: гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў;
1:16і ад паўнаты Яго мы ўсе прынялі і благадаць на благадаць;
1:17бо закон праз Маісея дадзены, а благадаць і ісціна праз Іісуса Хрыста сталіся.
1:18Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён явіў.
1:19І вось сведчанне Іаана, калі Іудзеі паслалі з Іерусаліма святароў і левітаў, каб спыталі яго: хто ты?
1:20І ён вызнаў і не адрокся; і вызнаў: я не Хрыстос.
1:21І спыталі яго: дык што? ты Ілія? І ён сказаў: не. Ты прарок? І адказаў: не.
1:22Сказалі яму: хто ж ты? каб даць адказ тым, хто паслаў нас; што ты скажаш пра самога сябе?
1:23Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: выпрамце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісаія.
1:24А пасланыя былі з фарысеяў;
1:25і яны пыталіся ў Яго і казалі Яму: чаго ж Ты хрысціш, калі Ты не Хрыстос, ні Ілія, ні прарок?
1:26Адказаў ім Іаан, кажучы: я хрышчу вадою; але сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце;
1:27гэта Той, Хто ідзе за мною, Які наперадзе мяне стаў, у Якога я няварты развязаць рамень абутку Яго.
1:28Гэта было ў Віфавары за Іарданам, дзе хрысціў Іаан.
1:29На другі дзень бачыць Іаан Iісуса, Які ідзе да яго, i кажа: вось Агнец Божы, што бярэ на Сябе грахі свету;
1:30гэта Той, пра Якога я сказаў: «за мною ідзе Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў»;
1:31і я не ведаў Яго; але, каб Ён быў яўлены Ізраілю, дзеля гэтага прыйшоў я хрысціць вадою.
1:32I сведчыў Іаан, кажучы: я бачыў Духа, Які сыходзіў як голуб з неба, i Ён застаўся на Ім;
1:33і я не ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: «над Кім убачыш Духа, Які сыходзіць і застаецца на Ім, Той i ёсць, што хрысціць Духам Святым»;
1:34і я бачыў i засведчыў, што Ён — Сын Божы.
1:35На другі дзень зноў стаяў Іаан i двое з вучняў яго.
1:36I, убачыўшы Іісуса, Які ішоў, ён сказаў: вось Агнец Божы.
1:37І пачулі абодва вучні, як ён казаў гэта, i пайшлі за Iісусам.
1:38Іісус жа, абярнуўшыся i ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: чаго вы шукаеце? Яны сказалі Яму: Равві (што азначае: Вучыцель), дзе Ты жывеш?
1:39Ён кажа ім: ідзіце i ўбачыце. Яны пайшлі i ўбачылі, дзе Ён жыве, i прабылі ў Яго дзень той. Было ж каля дзесятай гадзіны.
1:40Адзін з дваіх, што пачулі ад Іаана пра Іісуса i пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімана Пятра.
1:41Ён першы знаходзіць брата свайго Сімана i кажа яму: мы знайшлі Месію (што ў перакладзе азначае: Хрыстос).
1:42І прывёў яго да Іісуса. Глянуўшы на яго, Іісус сказаў: ты Сіман, сын Іоны; ты будзеш звацца Кіфа (што азначае: камень).
1:43На другі дзень захацеў Ён ісці ў Галілею; i знаходзіць Філіпа і кажа яму: ідзі за Мною.
1:44Філіп жа быў з Віфсаіды, з горада Андрэя i Пятра.
1:45Знаходзіць Фiлiп Нафанаіла i кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Kаго пiсалі Маісей у законе i прарокі, Іісуса, Сына Іосіфавага, з Назарэта.
1:46І сказаў яму Нафанаіл: ці можа з Назарэта быць што добрае? Філіп кажа яму: ідзі і паглядзі.
1:47Убачыў Іісус Нафанаіла, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма крывадушнасці.
1:48Кажа Яму Нафанаіл: адкуль Ты мяне ведаеш? У адказ Іісус сказаў яму: перш, чым паклікаў цябе Філіп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.
1:49Нафанаіл адказаў Яму: Равві! Ты Сын Божы, Ты Цар Ізраілеў.
1:50У адказ Іісус сказаў яму: ты верыш, бо Я сказаў табе: «Я бачыў цябе пад смакоўніцаю»; убачыш большае за гэта.
1:51I кажа яму: праўду, праўду кажу вам: з гэтага часу ўбачыце неба раскрытае i ангелаў Божых, што ўзыходзяць i сыходзяць да Сына Чалавечага.