Язык:
Беларускi
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
| |
Раздзел 1 | |
1:1 | Пачатак Евангелля Іісуса Хрыста, Сына Божага, |
1:2 | як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою». |
1:3 | «Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму». |
1:4 | З’явіўся Іаан, хрысцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў. |
1:5 | І выходзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалімляне, і хрысціліся ад яго ўсе ў рацэ Іардане, спавядаючыся ў грахах сваіх. |
1:6 См.: 🔗Лев. 11:22 🔗Мф. 3:4 | Іаан жа насіў вопратку з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясніцы сваёй і еў акрыды і дзікі мёд. |
1:7 | І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць рамень абутку Яго. |
1:8 | Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым. |
1:9 | І было ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ад Іаана ў Іардане. |
1:10 | І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго. |
1:11 | І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлюблены, Якога Я ўпадабаў. |
1:12 | І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню. |
1:13 | І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служылі Яму. |
1:14 | Пасля ж таго, як узяты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Царства Божага. |
1:15 См.: 🔗Мф. 4:17 | і кажучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае; пакайцеся і веруйце ў Евангелле. |
1:16 См.: 🔗Мф. 4:18 | А ідучы каля мора Галілейскага, убачыў Сімана і Андрэя, брата Сіманавага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбаловы. |
1:17 | І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей. |
1:18 | І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі ўслед за Ім. |
1:19 | І, прайшоўшы крыху адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ладзілі мярэжы; |
1:20 | і адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім. |
1:21 | І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў. |
1:22 | І здзіўляліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. |
1:23 См.: 🔗Лк. 4:33 | І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён, |
1:24 | кажучы: пакінь, што табе да нас, Іісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы. |
1:25 | Але Іісус забараніў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі з яго. |
1:26 | І дух нячысты, скалануўшы яго і ўскрыкнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго. |
1:27 | І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта? што гэта за новае вучэнне, што Ён з уладаю і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго? |
1:28 | І разнеслася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галілеі. |
1:29 | І адразу, выйшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сімана і Андрэя з Іакавам і Іаанам. |
1:30 | А цешча Сіманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. |
1:31 | І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслужвала ім. |
1:32 | А як вечарэла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі. |
1:33 | І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй. |
1:34 | І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хваробаў, і дэманаў многіх выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. |
1:35 | А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся. |
1:36 | І паспяшаліся ўслед Яму Сіман і тыя, што былі з ім. |
1:37 | І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе. |
1:38 См.: 🔗Лк. 4:43 | І кажа Ён ім: хадзем у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаведаваць; бо на тое Я і выйшаў. |
1:39 | І Ён прапаведаваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі і дэманаў выганяў. |
1:40 | І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені падаючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне. |
1:41 | Іісус жа, змілаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і кажа яму: хачу, ачысціся. |
1:42 | І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. |
1:43 | І, звярнуўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго, |
1:44 | і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажыся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзеля сведчання ім. |
1:45 | А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і распавядаць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль. |