Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 17

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 17
17:1Сказаў жа Ён вучням Сваім: немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго яны прыходзяць;
17:2лепш было б яму, калі б жарон млыновы павесілі на шыю яму ды ўкінулі ў мора, чым каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
17:3Будзьце ўважлівымі да сябе. Калі саграшыць супраць цябе брат твой, выгавары яму, і калі пакаецца, даруй яму;
17:4і калі сем разоў на дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў на дзень звернецца, кажучы: каюся, — даруй яму.
17:5І сказалі Апосталы Госпаду: прымнож нам веру.
17:6Гасподзь жа сказаў: калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне і сказалі шаўкоўніцы гэтай: вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора, — і яна паслухалася б вас.
17:7Хто з вас, маючы раба, які арэ ці пасе, пасля вяртання яго з поля, скажа яму: адразу ж ідзі за стол?
17:8А хіба не скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есці і піць, а потым еж і пі сам?
17:9Ці падзякуе ён рабу гэтаму, што зрабіў загаданае? Не думаю.
17:10Так і вы, калі зробіце ўсё загаданае вам, кажыце: мы нічога не вартыя рабы, бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.
17:11І сталася: ідучы ў Іерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяй.
17:12І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся воддаль;
17:13і яны голасна казалі: Іісусе Настаўнік, памілуй нас.
17:14І, убачыўшы, Ён сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся святарам. І сталася: калі яны ішлі — ачысціліся.
17:15Адзін жа з іх, убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся, голасна славячы Бога,
17:16і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.
17:17І ў адказ Іісус сказаў: ці не дзесяць ачысціліся? а дзе ж дзевяць?
17:18хіба не знайшлося з іх нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншародца?
17:19І сказаў яму: устань і ідзі, вера твая ўратавала цябе.
17:20А як спыталіся фарысеі, калі прыйдзе Царства Божае, Ён, адказваючы ім, сказаў: не прыйдзе Царства Божае прыкметна,
17:21і не скажуць: вось, яно тут, ці: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры вас.
17:22Сказаў жа вучням Сваім: прыйдуць дні, калі пажадаеце ўбачыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце;
17:23і скажуць вам: вось, тут, ці: вось, там, — не выходзьце і не ганяйцеся;
17:24бо як маланка, бліскаючы, ад аднаго краю нябёс да другога свеціць, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
17:25Але перш належыць Яму многа адпакутаваць і быць адрынутым родам гэтым.
17:26І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
17:27елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг; і прыйшоў патоп і вынішчыў усіх.
17:28Таксама, як было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
17:29а ў той дзень, калі выйшаў Лот з Садома, праліліся дажджом з неба агонь і сера і вынішчылі ўсіх;
17:30так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы явіцца.
17:31У той дзень хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх; і хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад.
17:32Памятайце пра жонку Лотаву.
17:33Хто будзе старацца ўратаваць душу сваю, той загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
17:34Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
17:35будуць дзве разам малоць: адна будзе ўзята, а другая пакінута;
17:36двое будуць на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
17:37І ў адказ сказалі Яму: дзе, Госпадзі? Ён жа сказаў ім: дзе цела, там збяруцца і арлы.