Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 18

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 18
18:1У той час прыступілі вучні да Іісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?
18:2І паклікаўшы дзіця, Іісус паставіў яго сярод іх
18:3і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і не будзеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;
18:4дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;
18:5і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;
18:6а хто спакусіць аднаго з малых гэтах, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынавы на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
18:7Гора свету ад спакусаў, бо павінны прыйсці спакусы; але гора таму чалавеку, праз якога спакусы прыходзяць.
18:8Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі альбо без нагі, чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны;
18:9і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.
18:10Глядзіце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
18:11Бо прыйшоў Сын Чалавечы зыскаць і выратаваць пагіблае.
18:12Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна з іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяці ў гарах; ці не пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?
18:13і калі ўдасца знайсці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.
18:14Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.
18:15А калі саграшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;
18:16калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова;
18:17калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.
18:18Праўду кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана на небе; і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана на небе.
18:19Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у нябёсах;
18:20бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.
18:21Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грашыць супроць мяне? ці да сямі разоў?
18:22Кажа яму Іісус: не кажу табе: «да сямі», а да сямі разоў па семдзесят.
18:23Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.
18:24Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талантаў;
18:25а як ён не меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.
18:26Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: «уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу».
18:27Уладар, злітаваўшыся над рабом тым, адпусціў яго і доўг дараваў яму.
18:28А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен яму быў сто дынарыяў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: «аддай мне, што вінен».
18:29Тады таварыш ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: «пацярпі на мне, і ўсё аддам табе».
18:30Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасць доўгу.
18:31Таварышы яго, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.
18:32Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: «ліхі раб! увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;
18:33ці не след было і табе памілаваць таварыша твайго, як і я цябе памілаваў?»
18:34I, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасць увесь доўг свой.
18:35Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.