Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 4

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 4
4:1Іісус жа, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Іардана; і паведзены быў Духам у пустыню,
4:2дзе сорак дзён спакушаў Яго дыявал; і не еў нічога ў тыя дні; а як скончыліся яны, урэшце адчуў голад.
4:3І сказаў Яму дыявал: калі Ты Сын Божы, скажы каменю гэтаму, каб стаў хлебам.
4:4І сказаў Іісус яму ў адказ: напісана, што «не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым».
4:5І, узвёўшы Яго на высокую гару, паказаў Яму дыявал усе царствы свету ў імгненне часу,
4:6і сказаў Яму дыявал: Табе дам усю ўладу гэтую і славу іх, бо мне яна перададзена, і я, каму хачу, даю яе;
4:7і вось, калі Ты паклонішся перада мною, будзе ўсё Тваё.
4:8І ў адказ Іісус сказаў яму: адыдзі ад Мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы».
4:9І павёў Яго ў Іерусалім, і паставіў Яго на крыле храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адсюль уніз;
4:10бо напісана: «Ангелам Сваім Ён накажа пра Цябе ахаваць Цябе;
4:11і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
4:12І ў адказ Іісус сказаў яму: сказана: «не спакушай Госпада Бога твайго».
4:13І, скончыўшы ўсё спакушэнне, дыявал адышоў ад Яго да пэўнага часу.
4:14І вярнуўся Іісус у сіле Духа ў Галілею; і вестка пра Яго разышлася па ўсім наваколлі.
4:15І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсімі быў слаўлены.
4:16І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і ўвайшоў, па звычаю Свайму, у дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць.
4:17І падалі Яму кнігу Ісаіі прарока; і, разгарнуўшы кнігу, Ён знайшоў месца, дзе было напісана:
4:18«Дух Гасподні на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім, паслаў Мяне ацаліць скрушаных у сэрцы, абвясціць палонным вызваленне і сляпым відушчасць, адпусціць прыгнечаных на волю,
4:19абвясціць год Гасподні спрыяльны.
4:20І, згарнуўшы кнігу, аддаў служыцелю і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты да Яго.
4:21І Ён пачаў гаварыць ім: сёння споўнілася пісанне гэтае, пачутае вамі.
4:22І ўсе засведчылі Яму гэта, І дзівіліся словам благадаці, якія выходзілі з вуснаў Яго, і гаварылі: ці не Іосіфаў гэта Сын?
4:23Ён жа сказаў ім: вы, пэўна, скажаце Мне гэтае выслоўе: «лекару! ацалі самога сябе»; тое, што, як мы чулі, адбылося ў Капернауме, зрабі і тут, на бацькаўшчыне Тваёй.
4:24І сказаў: праўду кажу вам, што ніякага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго.
4:25Па праўдзе кажу вам: многа было ўдоў у Ізраілі ў дні Іліі, калі зачынена было неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што настаў голад вялікі па ўсёй зямлі;
4:26і ні адной з іх не быў пасланы Ілія, толькі ў Сарэпту Сідонскую, да жанчыны – ўдавы;
4:27і шмат было пракажоных у Ізраілі пры Елісеі прароку, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, акрамя Неемана Сірыяніна.
4:28І напоўніліся ярасцю ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта;
4:29і, падняўшыся, выгналі Яго прэч з горада, і павялі Яго на верх гары, на якой горад іх быў пабудаваны, каб скінуць Яго;
4:30Ён жа, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
4:31І спусціўся ў Капернаум, горад Галілейскі; і вучыў іх па суботах.
4:32І здзіўляліся вельмі вучэнню Яго, бо з уладаю было слова Яго.
4:33І быў у сінагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і закрычаў моцным голасам,
4:34кажучы: пакінь; што Табе да нас, Іісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы.
4:35Але Іісус забараніў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі з яго. І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў з яго, зусім не пашкодзіўшы яму.
4:36І жах ахапіў усіх, і размаўлялі паміж сабою, гаворачы: што гэта за слова, што Ён з уладаю і сілаю загадвае духам нячыстым, і яны выходзяць?
4:37І разнеслася погаласка пра Яго па ўсіх навакольных мясцінах.
4:38[Выйшаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сімана;] а цешча Сіманава была ахоплена моцнай гарачкай; і прасілі Яго за яе.
4:39І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы; і пакінула яе; і адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім.
4:40А як заходзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, ацаляў іх.
4:41Выходзілі таксама з многіх і дэманы, якія крычалі і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. І, забараняючы, не дазваляў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
4:42А як настаў дзень, Ён, выйшаўшы, адправіўся ў пустэльнае месца; і людзі шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб не адыходзіў ад іх.
4:43Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам павінен дабравесціць Я Царства Божае, бо на тое Я пасланы.
4:44І прапаведаваў у сінагогах Галілейскіх.