Священное Писание

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 10

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 10
10:1Таму што закон, маючы цень будучых даброт, а не сам вобраз рэчаў, аднымі і тымі ж ахвярамі, якія кожны год пастаянна прыносяцца, ніколі не можа зрабіць даскана́лымі тых, што прыходзяць з імі.
10:2Інакш перасталі б прыносіць іх, бо тыя, што выконваюць служэнне, будучы адзін раз ачы́шчанымі, не мелі б ужо ніякага ўсведамле́ння грахоў.
10:3Наадварот, ахвяры нага́дваюць пра грахі штогод,
10:4бо немагчыма, каб кроў быкоў і казлоў знішча́ла грахі.
10:5Таму Хрыстос, уваходзячы ў свет, кажа: “ахвяры і прынашэ́ння Ты не пажада́ў, а ўгатава́ў Мне цела;
10:6усеспале́нняў і ахвяр за грэх не ўпадаба́ў Ты.
10:7Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб вы́канаць волю Тваю, Божа”.
10:8Сказаўшы перш, што “ні ахвяры, ні прынашэння, ні ўсеспаленняў, ні ахвяры за грэх, якія прыносяцца паводле закона, не пажада́ў і не ўпадаба́ў Ты”,
10:9Ён потым дадаў: “вось, іду, каб вы́канаць волю Тваю, Божа”. Ён адмяня́е першае, каб пастанавіць другое.
10:10Па гэтай волі мы асвячо́ны прынашэ́ннем Цела Іісуса Хрыста раз назаўжды.
10:11І кожны свяшчэннік штодзень стаіць, слу́жачы і шмат разоў прыно́сячы адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць зняць грахі.
10:12А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
10:13чакаючы з таго часу, пакуль ворагі Яго будуць пакладзены “у падножжа ног Яго”;
10:14бо адным прынашэ́ннем Ён назаўсёды зрабіў даскана́лымі тых, хто асвяча́ецца.
10:15Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо ска́зана:
10:16“вось запавет, які Я заключу з імі пасля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу законы Мае́ ў сэ́рцы іх, і ў думках іх напішу іх”, а потым:
10:17“і грахоў іх і беззаконняў іх не згадаю больш”.
10:18А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там не патрэбна прынашэ́нне за грэх.
10:19Дык вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у свяцілішча дзякуючы Крыві Іісуса Хрыста, шля́хам новым і жывым,
10:20які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз Плоць Сваю,
10:21і маючы Свяшчэнніка вялікага над домам Божым,
10:22будзем прыступа́ць са шчырым сэрцам, у паўнаце́ веры, ачы́сціўшы сэ́рцы ад ліхога сумле́ння і абмы́ўшы цела вадою чыстаю,
10:23будзем трымацца вызна́ння надзеі непахíсна, бо верны Той, Хто абяцаў;
10:24і будзем ува́жлівымі адно да аднаго, заахво́чваючы да любові і добрых спраў;
10:25не будзем пакіда́ць сходу нашага, як гэта для некаторых стала звы́чаем, а будзем падтры́мліваць адно аднаго, і тым больш, чым бліжэй вы бачыце дзень той.
10:26Бо калі мы, атрыма́ўшы пазна́нне ісціны, па сваёй волі грашы́м, то ўжо больш няма ахвяры за грахі,
10:27а застае́цца нейкае страшнае чака́нне суду́ і лџтасць агнџ, гатовага пажэ́рці супраціўных.
10:28Калі таго, хто адкінуў закон Маісееў, пры двух альбо трох све́дках, без літасці караюць смерцю,
10:29наколькі ж цяжэ́йшага, думаеце вы, пакара́ння ва́рты будзе той, хто зневажа́е Сына Божага, і не прызнае́ за святыню Кроў запавету, якою быў асвячоны, і Духа благадаці абража́е?
10:30Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: “помста — Мая, Я адплачу́, кажа Гасподзь”. І яшчэ: “Гасподзь будзе судзіць народ Свой”.
10:31Страшна трапіць у рукі Бога жывога!
10:32Успо́мніце ж ранейшыя дні вашы, калі вы, будучы прасве́тленымі, вы́стаялі ў вялікім подзвігу пакут,
10:33ці самі падляга́ючы прылџдным знява́гам і мукам, ці тое ж падзяля́ючы з іншымі;
10:34бо вы і маім кайдана́м спагада́лі, і рабава́нне сваёй маёмасці прыма́лі з радасцю, ведаючы, што ёсць у вас на нябёсах маёмасць лепшая і вечная.
10:35Дык не пакіда́йце спадзява́ння вашага, якому нале́жыць вялікая ўзнагарода.
10:36Стойкасць патрэбна вам, каб, вы́канаўшы волю Божую, атрыма́ць абяца́нае;
10:37бо ”яшчэ трохі, зусім крыху, і Той, Хто ма́е прыйсці, прыйдзе і не запо́зніцца.
10:38Праведны ж вераю жыць будзе; а калі хто адсту́піцца, не ўпадаба́е яго душа Мая”.
10:39Але мы не з тых, хто адступа́ецца на пагібель, а стаім у веры дзеля ўратава́ння душы́.