Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, главы 16–22

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 16
16:1І прыступілі фарысеі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменне з неба.
16:2А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;
16:3і раніцай: сёння непагадзь, бо неба агніста – хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозніваць, а знакаў часу не можаце?
16:4Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака не дасца яму, акрамя азнакі Іоны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.
16:5І перапраўляючыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлябоў.
16:6Іісус сказаў ім: глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай.
16:7Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.
16:8Уразумеўшы гэта, Іісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
16:9Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?
16:10Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?
16:11Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай»?
16:12Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэння фарысейскага і садукейскага.
16:13А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Філіпавай, Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
16:14Яны сказалі: адны за Іаана Хрысціцеля, а другія за Ілію, а іншыя за Іерамію альбо за аднаго з прарокаў.
16:15Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
16:16І Сіман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
16:17І Іісус сказаў яму ў адказ: блажэнны ты, Сімане, сыне Іонаў, бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсць у нябёсах;
16:18і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
16:19І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў нябёсах; і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў нябёсах.
16:20Тады Іісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсць Хрыстос.
16:213 таго часу Іісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць ісці ў Іерусалім і многа адпакутаваць ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэці дзень уваскрэснуць.
16:22I, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Няхай не будзе гэтага з Табою!
16:23А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
16:24Тады Іісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною;
16:25бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
16:26бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць? альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?
16:27бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле спраў ягоных.
16:28Праўду кажу вам: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.
Раздзел 22
22:1І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:
22:2падобнае Царства Нябеснае на чалавека – цара, які справіў вяселле сыну свайму
22:3і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле; і не хацелі прыйсці.
22:4Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажыце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле».
22:5Але яны, не даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
22:6Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зняважылі і забілі іх.
22:7І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
22:8Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запрошаныя не былі вартыя.
22:9Дык вось, ідзіце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле.
22:10І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле бяседнікамі.
22:11Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
22:12і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.
22:13Тады сказаў цар слугам: звязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;
22:14бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
22:15Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся, як злавіць Яго на слове.
22:16І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму – небудзь, бо не глядзіш на абліччы;
22:17дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
22:18Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
22:19пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынеслі Яму дынарый.
22:20І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
22:21І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
22:22Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
22:23У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасення, і спыталіся ў Яго:
22:24Настаўнік! Маісей сказаў: «калі хто памрэ, не маючы дзяцей, няхай возьме брат яго жонку яго і адродзіць семя брату свайму».
22:25Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы семені, пакінуў жонку сваю брату свайму;
22:26гэтак сама і другі, і трэці, нават да сёмага;
22:27а пасля ўсіх памерла і жонка.
22:28Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку, бо ўсе мелі яе.
22:29Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай;
22:30бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
22:31А пра ўваскрэсенне мёртвых ці не чыталі вы сказанага вам Богам:
22:32« Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава»? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
22:33І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.
22:34А фарысеі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне, сабраліся разам.
22:35І спытаўся адзін з іх, законнік, спакушаючы Яго і кажучы:
22:36Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
22:37Іісус жа сказаў яму: «узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім».
22:38гэта найбольшая і першая запаведзь;
22:39а другая падобная да яе: «узлюбі блізкага твайго, як самога сябе»;
22:40на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
22:41Калі ж сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Іісус:
22:42што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
22:43Кажа ім: як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе, калі кажа:
22:44«Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?
22:45Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?
22:46І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.