Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1У тыя дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў пустыні Іудзейскай
3:2і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
3:3Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісаія: голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму.
3:4А ў самога Іаана была вопратка з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
3:5Тады выходзілі да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўсё наваколле Іарданскае
3:6і хрысціліся ў Іардане ад яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.
3:7Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, Іаан сказаў ім: адроддзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
3:8Прынясіце ж годны плод пакаяння;
3:9і не думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Аўраам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узвесці дзяцей Аўрааму;
3:10ужо і сякера пры корані дрэў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь;
3:11Я хрышчу вас вадою на пакаянне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я не варты панесці абутак Яго; Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём;
3:12лапата Яго ў руцэ ў Яго, і Ён ачысціць гумно Сваё, і збярэ пшаніцу Сваю ў жытніцу, а мякіну спаліць агнём непагасным.
3:13Тады прыходзіць Іісус з Галілеі на Іардан да Іаана хрысціцца ад яго.
3:14Іаан жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысціцца, а Ты прыходзіш да мяне?
3:15Але Іісус сказаў у адказ яму: дапусці цяпер, бо так належыць нам здзейсніць ўсякую праўду. Тады Іаан дапускае Яго.
3:16І ахрысціўшыся, Іісус выйшаў адразу з вады; — і вось, адкрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Іаан Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.
3:17І вось, голас з нябёсаў прамовіў: Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.