Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 1

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Пачатак Евангелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
1:2як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
1:3«Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму».
1:4З’явіўся Іаан, хрысцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.
1:5І выходзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалімляне, і хрысціліся ад яго ўсе ў рацэ Іардане, спавядаючыся ў грахах сваіх.
1:6Іаан жа насіў вопратку з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясніцы сваёй і еў акрыды і дзікі мёд.
1:7І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць рамень абутку Яго.
1:8Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.
1:9І было ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ад Іаана ў Іардане.
1:10І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
1:11І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлюблены, Якога Я ўпадабаў.
1:12І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.
1:13І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служылі Яму.
1:14Пасля ж таго, як узяты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Царства Божага.
1:15і кажучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае; пакайцеся і веруйце ў Евангелле.
1:16А ідучы каля мора Галілейскага, убачыў Сімана і Андрэя, брата Сіманавага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбаловы.
1:17І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей.
1:18І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі ўслед за Ім.
1:19І, прайшоўшы крыху адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ладзілі мярэжы;
1:20і адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
1:21І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
1:22І здзіўляліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
1:23І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён,
1:24кажучы: пакінь, што табе да нас, Іісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы.
1:25Але Іісус забараніў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі з яго.
1:26І дух нячысты, скалануўшы яго і ўскрыкнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
1:27І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта? што гэта за новае вучэнне, што Ён з уладаю і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго?
1:28І разнеслася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галілеі.
1:29І адразу, выйшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сімана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.
1:30А цешча Сіманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
1:31І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслужвала ім.
1:32А як вечарэла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
1:33І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
1:34І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хваробаў, і дэманаў многіх выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
1:35А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.
1:36І паспяшаліся ўслед Яму Сіман і тыя, што былі з ім.
1:37І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
1:38І кажа Ён ім: хадзем у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаведаваць; бо на тое Я і выйшаў.
1:39І Ён прапаведаваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі і дэманаў выганяў.
1:40І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені падаючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне.
1:41Іісус жа, змілаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і кажа яму: хачу, ачысціся.
1:42І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
1:43І, звярнуўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
1:44і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажыся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзеля сведчання ім.
1:45А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і распавядаць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.